5 мая 2024, воскресенье, 5:39
Поддержите
сайт
Сим сим,
Хартия 97!
Рубрики

Юрый Жыгамонт: Наша сіла – у гісторыі

52

Тыя, хто кажуць, што ў Беларусі няма чаго глядзець, не ведаюць, што плятуць.

Гэтыя людзі проста не цікавяцца гісторыяй і нават не падазраюць, якая яна ў нас багатая, - сцвярджае галоўны папулярызатар гісторыі на беларускім тэлебачанні Юрый Жыгамонт, вядучы тэлеперадачы «Падарожжы дылетанта».

Пра тое, чаму вядучы сышоў з тэатра, адкуль у яго цікавасць да гісторыі і чаму большасць выпускаў здымаюцца ў вёсках,  Юрый Жыгамонт распавёў газеце «Аргументы і Факты».

Без прыроды — нікуды

Па першай адукацыі Юрый Жыгамонт – кіроўца вежавых кранаў. Пасля прафтэхвучылішча ён яшчэ скончыў тэатральны інстытут і потым доўгі час быў акторам Тэатра юнага гледача. У 2001 годзе ў яго з’явілася дадатковая праца – вядучы новай тэлеперадачы «Падарожжы дылетанта» (потым перадача змяніла назву на «Новыя падарожжы дылетанта», а сёння завецца «Падарожжы дылетанта»). І вось ужо два гады гэта яго адзіная праца.

- Не шкадую, што сышоў з тэатра, - кажа Жыгамонт. - У тэатры мне заўжды нешта замінала. І калі я думаю, чаму там не застаўся, дык прыходжу да высновы, што тэатральны я скончыў для таго, каб заняцца «Падарожжамі дылетанта».

Юрый Жыгамонт кажа, што гісторыя яму была цікавая яшчэ з дзяцінства. Захапленне пачалося з дзедавых расповедаў пра колішнія часы. З часам гэтае захапленне перарасло ў хобі, а потым стала ягонай працай.

- Казкі і гісторыі, што я пачуў ад дзеда і бацькоў у дзяцінстве, і сёння часам выкарыстоўваю ў сваіх перадачах.

Адтуль жа, з дзяцінства, і цяга Юрыя Жыгамонта да вёскі і да прыроды. Жывучы ў Мінску, ён дагэтуль не можа доўгі час заставацца ў горадзе і выязджае ў родную вёску ў Нараўлянскім раёне.

- Я наогул раю вяртацца да прыроды, да свайго. Паехаць на вёску на пару дзён, проста пабыць на прыродзе, схадзіць у лес, да рэчкі, на могілкі. Там, на прыродзе, ты напаўняешся неўміручымі жыццёвымі сіламі.

Вядучы ўпэўнены, што нашы продкі-паганцы мелі рацыю, калі адухаўлялі зямлю, ваду, дрэвы ды камяні. І тое, што сёння многія людзі пачынаюць ізноў звяртацца да паганства – аднаўляць закінутыя некалі прошчы, браць адтуль зямлю, - цалкам натуральна.

- Чым было дрэнна ведаць, што ў рэчцы жыве бог і што ваду гэтую забруджваць – вялікі грэх? Калі б сучасныя людзі верылі ў гэта, ведалі, што могуць быць пакараныя богам вады, яны бы яе не забруджвалі. І не трэба замінаць прыродзе. Мы жывем у сусвеце, які жывы. Трэба жыць у суладдзі з ім, а не быць у ім царом і богам.

Аб’ехаць ВКЛ

У тым ліку і з прычыны яго стаўлення да прыроды большасць выпускаў перадачы – пра вёскі, а не гарады.

- Вёска мне больш падабаецца. Мне там утульна, спакойна так. А горад – там іншае жыццё.

Тое, што гісторыі беларускіх вёсак пакуль не такія вядомыя, таксама робіць іх больш цікавымі для даследвання, чым гарады. Напрыклад, адна з апошнiх вандровак «дылетанта» была ў вёску Пярэдзелка Лоеўскага раёна. Вёска месціцца недалека ад мяжы з Украінай на высокім беразе Дняпра. Там стаіць палац шляхцічаў Рудзіеўскіх пачатку XIX стагоддзя, пра які ўвогуле мала хто чуў.

Неабыякавы Юрый Жыгамонт таксама і да традыцыйнай вясковай архітэктуры. Старыя драўляныя дамы, лічыць ён, трэба не пускаць на дровы, як гэта зараз робіцца, а захоўваць.

- Дрэва – гэта тое, што ёсць у нас. Драўлянае дойлідства знікае, і гэтую спадчыну варта захоўваць.

У той жа час не абмінаюць аўтары перадачы і гарады. Нядаўна выйшла перадача пра адзін з мікрараёнаў Гомеля. Менавіта так, па частках, яны збіраюцца расказваць пра гісторыю беларускіх гарадоў. Па-іншаму ў 26 хвілін перадачы не ўкласціся.

Вялікая ж мара Юрыя Жыгамонта – зрабіць серыю выпускаў пра гарады, мястэчкі і вёскі ўсяго былога Вялікага княства Літоўскага. Здымачная група тэлеперадачы ўжо была ў Смаленску і Беластоку. Але гэтага зусім недастаткова.

- Узяць толькі Украіну. У былыя часы мы разам змагаліся супраць татар. Луцк – гэта ўвогуле другая сталіца Вялікага княства. Вялікі князь Вітаўт будаваў там замак. А роды Астрожскіх, Вішнявецкіх. І там такая цікавая гісторыя для нас, беларусаў! Тое самае і ў Літве.

Сіла - у нас саміх

І праз 12 гадоў ад выхаду першых «Падарожжаў дылетанта» аўтарам ёсць пра што здымаць новыя перадачы. Такім чынам яны даказваюць, што ў Беларусі досыць помнікаў, і за кожным з іх – неверагодная гісторыя.

- Беларускай гісторыі хапіла ўсім нашым суседзям: і Літве, і Польшчы, і Расіі. І нам яшчэ засталося. Шкада, што тэма гісторыі Беларусі мала актуалізуецца. Людзі не цікавяцца і таму і кажуць, што ў Беларусі няма чаго глядзець. Мірскі замак, Нясвіжскі палац, Белая Вежа – гэта ўсё, пра што вядома. А насамрэч у нас яшчэ валам розных палацаў, касцёлаў ды цэркваў, вартых увагі.

Тым часам мясцовыя жыхары з усёй Беларусі нярэдка запрашаюць здымачную групу наведаць сваё мястэчка ці вёску ды зрабіць перадачу. У іншых вёсках – наадварот: людзі пачынаюць цікавіцца гісторыяй свайго паселішча пасля таго, як пабачаць выпуск перадачы па тэлебачанні.

- Прыемна, калі пасля перадачы мясцовыя жыхары зацікавіліся гісторыяй сваёй вёскі. Недзе ў мясцовай школе, мне распавядалі, нават стварылі музей пасля выхада праграмы. Людзі зацікавіліся гісторыяй і сталі збіраць інфармацыю пра свае палацы, капліцы ды касцёлы.

Менавіта ў веданні сваёй гісторыі, кажа Юрый Жыгамонт, і ёсць сіла народа. Ён параўноўвае Беларусь з хлопцам-сіратой. Той хлопец жыў у дзіцячым інтэрнаце, быў ён забіты і зацюканы. Але аднойчы бабуля прывезла яму фотаздымкі ягоных бацькоў. Калі хлопец даведаўся, кім былі яго бацькі, ён проста ў момант перамяніўся.

- Так і беларусы. Калі б мы ведалі свае карані, мы былі б іншымі людзьмі: пачалі б горы пераварочваць. Я думаю, у будучым гэта настане. Калі беларусы вернуцца да сваіх каранёў, да сваёй гісторыі – яны будуць чэрпаць сілу з гэтага. І тады ў нас будзе самая моцная краіна свету. Моц – яна ў нас саміх.

5 нечаканых фактаў з «Прыгодаў дылетанта»

Астраномам усяго свету вядомы беларускі горад Брагін. Менавіта тут у пачатку XIX стагоддзя выпаў вялікі метэарытны дождж, пасля чаго метэарыты адсюль былі развезеныя па музеях свету. А ў мясцовым музеі ёсць «каменьчык» вагой 38 кг.

На гербе вёскі Парычы Светлагорскага раёна выяўлены леў з высунутым языком (яго вёска атрымала ў спадчыну ад горада Казіміра, які быў на месцы вёскі раней). Па сцвярджэнні гісторыкаў, падобная выява льва на гербе - вельмі рэдкая з’ява. Вядома, што такую ж выяву герба мае толькі Швецыя.

У вёску Ізабелін Ваўкавыскага раёна з’язджаліся моднікі з усяе Еўропы. Менавіта тут у пачатку XIX ст. была створана адна з першых ткацкіх фабрык, дзе працавалі вопытныя нямецкія майстры.

Для будаўніцтва касцёла ў вёсцы Лучай князі Пузыні ў XVIII стагоддзі запрасілі італьянскага архітэктара Карла Спампані, які выкарыстоўваў тэхналогіі, вядомыя яшчэ ў Старажытным Рыме.

З вінакурні Ціхінічы, што на Рагачоўшчыне, спіртныя напоі дасылаліся нават да імператара ў Санкт-Пецярбург.

Написать комментарий 52

Также следите за аккаунтами Charter97.org в социальных сетях